
22 красавіка ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё адразу дзвюх выставак, прымеркаваных да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Ініцыятарам і арганізатарам мерапрыемства выступіла Ірына Сцяпанаўна Абельская, галоўны ўрач РКМЦ, сенатар, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. У сваім звароце яна падкрэсліла важнасць захавання памяці аб подзвігу народа:
«Памяць - гэта галоўнае, што мы ніколі не павінны страціць. Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым».
Галоўнай экспазіцыяй стала выстаўка “Мы памятаем! Мы ганарымся!», прысвечаная медыкам — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Прадстаўленыя матэрыялы раскрываюць персанальныя гісторыі ўрачоў, медсясцёр, фельчараў і адміністрацыйных работнікаў, якія ўнеслі ўклад у Перамогу. На сённяшні дзень сабрана 47 біяграфій, 15 з якіх леглі ў аснову экспазіцыі. Гэтыя матэрыялы лягуць у падмурак ствараемага музея гісторыі медцэнтра.
Адна з гісторый, расказаная Ірынай Сцяпанаўнай Абельскай, прысвечана Канстанціну Сцяпанавічу Шэлегу — ваеннаму ўрачу, удзельніку вызвалення Мінска і Польшчы, ветэрану медыцынскай службы, які доўгія гады прапрацаваў у сістэме Міністэрства аховы здароўя БССР.
Другая частка экспазіцыі — выстава «Нам свет завешчана берагчы» — уяўляе сабой калекцыю дзіцячых малюнкаў і вырабаў, створаных дзецьмі супрацоўнікаў РКМЦ ва ўзросце ад 2 да 17 гадоў. Гэтыя працы сталі водгукам на сямейныя гісторыі аб вайне і выказваннем падзякі за мірнае неба. Усяго ў творчым конкурсе прынялі ўдзел 95 дзяцей, а дзевяць юных аўтараў былі адзначаны падарункамі. Самым малодшым удзельнікам стаў чатырохгадовы Міхаіл Труноў, які вырабіў з бацькам мадэль танка Т-34.
У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел і старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў Шыла, які адзначыў важную ролю працоўных калектываў у захаванні гістарычнай памяці:
«Агульная памяць фарміруецца з маленькіх інфармацыйных ручайкоў. Важна, каб памяць аб вайне захоўвалася і перадавалася будучым пакаленням».
Выставы сталі не толькі часткай юбілейнай праграмы, але і працягам патрыятычнай працы, якую супрацоўнікі РКМЦ вядуць штогод. Так, калектыў цэнтра падтрымлівае парадак ля помніка санітарнаму батальёну ў вёсцы Падгор'е, а моладзь ахвотна прымае ўдзел у добраўпарадкаванні памятных мясцін.
Выставы будуць працаваць да 16 мая 2025 года. Запрашаем усіх жадаючых наведаць экспазіцыі, прасякнуцца гісторыяй і выказаць падзяку тым, хто наблізіў Перамогу.